Галоўная старонка > Падзеі > Старшыня Рады БНР: Не спыняйцеся, не бойцеся, і ведайце: за вамі праўда і ўвесь свет

Старшыня Рады БНР: Не спыняйцеся, не бойцеся, і ведайце: за вамі праўда і ўвесь свет

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла напісала калонку з нагоды апошніх заяваў уладаў і падзей у Беларусі. Прыводзім яе тэкст цалкам з аўтарскай арфаграфіяй.

Івонка Сурвілла

Сілавыя структуры, падпарадкаваныя Аляксандру Лукашэнку, гатовыя страляць у свой мірны законапаслухмяны народ. Пра гэта прамым тэкстам цяпер кажа намесьнік міністра Караева.

За чвэрць стагодзьдзя аўтарытарызму ў Беларусі мы, здаецца, маглі б стаць звыклыя да ўсяго. Але я не магу стрымаць свайго шоку і абурэньня гэтай заявай.

Бо адметнасьцю цяперашняга беларускага пратэсту стала неверагодныя мірнасьць і мудрасьць, якія праявіў народ Беларусі. Гэтай мірнасьцю, мудрасьцю, яскравай творчасьцю беларусаў, якія мы бачым увесь гэты час, захапляецца ўвесь сьвет.

Мы, тысячы беларусаў і нашчадкаў беларусаў, раскіданыя па ўсім сьвеце, ганарымся сваёй беларускасьцю цяпер больш, чым калісь яшчэ. Іншыя народы, хто зь няведаньня часам думаў, што беларусы радыя свайму сумнаму лёсу, цяпер глядзяць на Беларусь па-новаму, перажываюць за беларусаў і ганарацца імі.

І тое, што выклікае павагу і захапленьне ўсяго сьвету — тое і выклікае ярасьць і нянавісьць тых, хто ведае, што іхны час незваротна мінуў. Яны могуць колькі заўгодна суцяшаць сябе штучнымі лічбамі з афіцыйных вынікаў выбараў. Яны будуць ненавідзець, будуць хлусіць і пагражаць з тэлевізару, будуць біць і страляць.

Беларускі народ — у кроку ад свабоды. У кроку ад таго, за што змагаліся пакаленьні нашых продкаў, у тым ліку героі Слуцкага збройнага чыну, стагодзьдзе якога мы будзем адзначаць праз крыху больш як месяц.

Усе нашыя малітвы, усе нашыя думкі ў гэтыя дні зь Беларусяй.

Зь Беларусяй — усе нашыя сьлёзы абурэньня жорсткасьцю карнікаў.

Як і нашыя сьлёзы радасьці, калі бачым тысячы і тысячы людзей штотыдзень на вуліцах Беларусі: старых і маладых, жанчынаў і мужчынаў, жыхароў Менску і жыхароў маленькіх мястэчак.

Рэвалюцыя адбываецца перадусім не ў адміністрацыі, а ў душах і сэрцах людзей. Гэтая рэвалюцыя адбылася. Гэтая рэвалюцыя адбываецца штодзень, штораз, як беларусы выходзяць да сябе ў двор, усьміхаюцца сваім суседзям, сьпяваюць, выходзяць разам на марш пад нашым сьцягам – у супольнай радасьці, у супольным узьнёслым пачуцьці прыналежнасьці да свае зямлі, у супольнай празе справядлівасьці і праўды.

Беларусь ажыла і абавязкова пераможа. Не спыняйцеся, ня бойцеся, і ведайце: за вамі праўда і за вамі ўвесь сьвет ад Эўропы да Канады і Аўстраліі.

Жыве Беларусь!

Categories: Падзеі
  1. Яшчэ няма каментарыяў.
  1. No trackbacks yet.

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: