Archive

Archive for Красавік, 2020

Памяці АНАТОЛЯ ІВАНАВІЧА ХРАНОЎСКАГА (3.03.1934 – 31.03.2020)

Анатоль Іванавіч Храноўскі, добравядомы дзеяч беларускай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы, пакінуў нас 31 сакавіка 2020 года. Анатоль Іванавіч Храноўскі нарадзіўся 3 сакавіка 1934 года ў Слоніме. Пасьля другой сусьветнай вайны разам з бацькамі вымушана апынуўся на Захадзе, а з 1949 года прыехаў у Манрэаль, дзе правёў найбольш актыўную частку свайго жыцьця. Анатоль Іванавіч Храноўскі пакінуў пасля сябе цудоўную сям’ю, жонку Крыстыну, дачок, Ларысу і Алёну, сыноў Антона і Рыгора, унукаў.

Анатоль Іванавіч Храноўскі 
(ля свайго дома ў Саттон, 2006)

Ён быў выключна працавітым і здольным чалавекам, больш таго – грунтоўным, меў сілы збудаваць дом і катэдж, адчыніць дзьверы для добрага жыцьця сваім дзецям. Сп. Анатоль Храноўскі быў чалавекам шырокай і шчодрай душы, надзелены богам і прыродай розумам, які яднаў яго разам з сям’ёй і з радзімай, што засталася за акіянам.
Калі казаць пра грамадскае, беларускае жыцьцё Анатоля Іванавіча ў Канадзе, то трэба ў першую чаргу сказаць, што ён быў сябрам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. На мой погляд ім было зроблена настолькі шмат для беларускай справы ў Манрэалі, што ён меў адмысловае права, як ніхто іншы, быць у складзе нашага парламента і ўрада БНР на выгнаньні. У 1989 годзе ён арганізаваў Згуртаваньне Беларусаў у Квебеку, якое узначальваў на працягу 25 гадоў. Кожны год у Манрэалі адзначаліся Дні незалежнасьці БНР, куды таксама часам прыязджалі беларусы з Атавы і Таронта. Дзякуючы яго намаганьням беларусы былі прадстаўлены на розных значных падзеях і мерапрыемствах, дзе ўдзельнічалі людзі розных культур, што жывуць у Канадзе; у прыватнасьці пры яго непасрэдным удзеле і з яго ініцыятывы былі арганізаваны беларускі куточак ў Saint Joseph Oratorium (Montreal), беларуская частка выставы ў музеі розных культур у Rawdon.

Чытаць далей…

Categories: Навіны

Памерла Паўліна Сурвіла, выканаўчы дырэктар Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у ЗША

На 57-м годзе жыцьця ад цяжкай хваробы памерла Паўліна Сурвіла, прафэсар амэрыканскага Wartburg College (штат Аёва), выканаўчы дырэктар Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе, сябра Рады БНР.

Паўліна (поўнае імя — Паўліна Марыя) Сурвіла нарадзілася 2 лютага 1964 г. ў Мадрыдзе, дзе ў той час яе бацькі — Івонка Сурвіла (Шыманец) і Янка Сурвіла рабілі беларускія праграмы на Гішпанскім радыё. Была другім дзіцём у сям’і (яе сястра Ганя на тры гады старэйшая). «Яны з самага маленства прысутнічалі ўсюды, дзе штосьці беларускае рабілася», — прыгадвала пазьней пра сваіх дзяцей у інтэрвію Радыё Свабода старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.

Івонка Сурвіла разам з дочкамі Паўлінкай і Ганяй каля Мадрыду, 1969. Фота Янкі Сурвілы.
Івонка Сурвіла разам з дочкамі Паўлінкай і Ганяй каля Мадрыду, 1969. Фота Янкі Сурвілы.
Паўліна Сурвіла ў 1972 у Беларускім рэлігійна-грамадзкім цэнтры ў Таронта, на выставе сваіх твораў
Паўліна Сурвіла ў 1972 у Беларускім рэлігійна-грамадзкім цэнтры ў Таронта, на выставе сваіх твораў

Паўліна служыла ў якасьці музыкі ў канадыйскім войску, скончыла ўнівэрсытэт, магістаркую працу пісала пра беларускую дыяспару. Абараніла доктарскую дысэртацыю Апошнія гады была прафэсарам Вартбурскага коледжу (штат Аёва) і вывучала праблемы фармаваньня нацыянальнай ідэнтычнасьці ў постсавецкай Беларусі. Аўтар навуковых працаў і кніг, прысьвечаных беларускай музыцы, адна зь іх — «Пра русалак і рок-сьпевакоў» — прысьвечаная сучасным выканаўцам.

З’яўляецца Выканаўчым дырэктарам створанага ў 2007 віцэ-прэзыдэнтам Паўднёва-заходняга каледжу Джэймсам Шэпардам і першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Сўорцам Цэнтру беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе (ЗША), першай акадэмічнай установы ў ЗША, якая займаецца вывучэньнем выключна Беларусі. Пры спрыяньні Цэнтру некалькі беларускіх навукоўцаў прайшлі стажыроўкі ў ЗША. Паўліне Сурвіле ўдалося прыцягнуць да супрацоўніцтва многіх вядомых асобаў, у тым ліку і зь Беларусі, як, напрыклад, былога старшыню Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча. Радыё Свабода была мэдыйным партнэрам Цэнтру.

Паўліна Сурвіла разам з першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Сўорцам. Канзас, ЗША, 2008 год
Паўліна Сурвіла разам з першым амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэвідам Сўорцам. Канзас, ЗША, 2008 год

Паўліна Сурвіла арганізавала дзясяткі навуковых канфэрэнцыяў, сэмінараў, лекцый, прысьвечаных гісторыі і сучаснасьці Беларусі, а таксама — яе будучыні. Паўліна заахвочвала навукоўцаў, палітыкаў, творцаў дапамагаць Беларусі рабіцца дэмакратычнай сучаснай краінай.

Паўліна Сурвіла, Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч у часе нефармальнай сустрэчы. ЗША, 2008
Паўліна Сурвіла, Івонка Сурвіла і Станіслаў Шушкевіч у часе нефармальнай сустрэчы. ЗША, 2008

Паўліну Сурвілу зьвязвала сяброўства з Радыё Свабода, яна ўдзельнічала ў нашых перадачах. 31 сьнежня 2010 году Паўліна Сурвіла зачытала на хвалях Свабоды імёны арыштаваных (сярод тых, хто чытаў імёны, былі Вацлаў Гавэл, Алена Бонэр, а. Аляксандар Надсан, Джордж Буш-малодшы, Барыс Кіт, Фрэнсыс Фукуяма, Станіслаў Шушкевіч, Барыс Стругацкі, Сяргей Юрскі ды іншыя).https://www.svaboda.org/embed/player/0/25684748.html?type=audio&platformType=self-embed&enablejsapi=1

Паўліна Сурвіла была сябрам Рады БНР і шмат рабіла для аб’яднаньня беларускай дыяспары на паўночна-амэрыканскім кантынэнце.

«Мне здаецца, найважней — гэта мець энэргію беларускасьці, — казала яна ў інтэрвію Радыё Свабода. —. Калі ўсе беларусы адчуваюць важнасьць незалежнай ідэнтычнасьці. Гэта значыць мець спосаб адчуваць беларускасьць без такога кантэксту, што „трэба баяцца“. Можна праз гэтую энэргію зьмяніць крышачку гэты „космас беларускі“, які цяпер, мне здаецца, вельмі сур’ёзны і вельмі цяжкі.

Вельмі-вельмі жадаю, каб усё, што людзі перажылі і перажываюць, прадукавала ў канцы канцоў пазытыўны мамэнт для краіны і для гэтых людзей. І што гэты год дасьць новае адраджэньне для гэтай краіны. Таму што гэтая краіна зашмат перажыла ў гісторыі. Проста трэба, каб новы мамэнт уявіўся. Жадаю, каб усе жылі ў мадэрным сьвеце, каб усе ведалі, што гэта значыць быць часткай сусьветнага грамадзянства. Для мяне гэта найбольшае пажаданьне».

У Паўліны Сурвілы застаўся муж Эрык, прафэсар музыкі, і два сыны 20 і 22 гадоў, Антон і Валік.

Categories: Падзеі

Дарагія сябры, беларусы!


На сённяшні дзень у Беларусі вельмі складаная сітуацыя з кантролем каронавіруснай эпідэміі. Беларускінарод кансалідуецца і дапамагае медыкам. Нажаль, дактары сення амаль не абароненыя ад інфекцыі: не хапае рэспіратараў, масак, аднаразовых камбінезонаў. Зразумела, што ад медыкаў і ад таго, як яны забяспечаны залежыць вельмі шмат. У большасці з нас у Беларусі жывуць бацькі, сестры, браты, сваякі і сябры, якім таксама можа спатрэбіцца медычная дапамога, альбо яны працуюць медыкамі і ім неабходна абарона ад каронавіруса на працоўных месцах ў шпіталях.


Згуртаванне Беларусаў Канады заклікае вас падтрымаць ініцыятыўную групу, якая арганізавала тэрміновы збор для дапамогі медыкаў у Беларусі ByCovid19 (COVID-19 Беларусь), спасылка на беларускую старонку кампаніі напрыканцы.

Ініцыятыўная група ужо дапамагае медычным установам ў гарадах, дзе ёсць успышкі каронавіруса і найбольшы недахоп сродкаў індывідуальнай абароны: Полацку, Наваполацку, Глыбокім, Смалявічах, Шуміліне, Міорах, Салігорску, Расонах, Гомлі і Гародне, Докшыцах.

І таксама Віцебску і Менску, дзе на сенняшні момант большасць захварэўшых на каронавірус.

У Віцебску гэта Чыгуначная і Інфекцыённая бальніцы, бальніца хуткай дапамогі.

У Менску – дзіцячая інфекцыённая бальніца, 10-ая, 6-ая, 4-ая, 2-ая клінічныя бальніцы, бальніца хуткай дапамогі, станцыя хуткай дапамогі, гарадзкі клінічны анкалагічны дыспансер, гарадзкая гінекалагічная бальніца перапрафіліраваная пад прыем пацыэнтаў з COVID-19. Акрамя гэтага на сенняшні момант есць больш за 300 заявак аб дапамозе з розных медустаноў і станцый хуткай дапамогі амаль з усей Беларусі.

Што робіць ініцыятыўная група: шукаюць і набываюць аднаразовыя сродкі індывідуальнай абароны, кіслародныя канцэтратары. У Германіі пачатая закупка безкантактных тэрмометраў і пульсаксіметраў для бальніц Беларусі. У некаторыя шпіталі Менска і Віцебска дастаўлены пральныя машынкі, каб была магчымасць праць халаты на працы, і не адвазіць іх дадому. Група вядзе пошук валанцераў і фінансавых сродкаў, кантакты з бізнэсамі, якія могуць аказаць дапамогу.

Мы, беларусы Канады, знаходзімся далека ад Радзімы, але сэрца не можа заставацца спакойным, калі мы ведаем, якая складаная сітуацыя ў Беларусі. І мы таксама можам дапамагчы фінансава! Сення складаны час і для нас, шмат хто застаўся без працы, але нават невялікі ўнесак будзе адчувальным і прынясе карыць!

Перавесці грошы з замежнай крэдытовай карткі ў Беларусь бывае складана, таму мы стварылі некалькі магчымасцяў перавесці сродкі праз канадыйскія платформы. Потым грошы цэнтралізавана будуць пераведзены у Беларусь для закупкі неабходных рэчаў. Справаздача будзе дасланая з Беларусі і разасланая ўсім ахвярадаўцам праз емэйл і апублікаваная на старонцы ЗБК у Фэйсбуку.


ЯК ПЕРАВЕСЦІ ГРОШЫ:
1. Крэдытовая або дэбітная картка – па спасылцы ніжэй


2. Interac – перавод можна зрабіць на емэйл help.razam@gmail.com. Security question – what disease, Answer – covid19


СПАСЫЛКА НА БЕЛАРУСКУЮ СТАРОНКУ КАМПАНІІ
https://bycovid19.com/

https://molamola.by/campaigns/2471?tab=about

Будзем разам і пераможам!

Categories: Падзеі

РАДА БНР ЗАКЛІКАЕ ДА РАШУЧЫХ МЕРАЎ ПА БАРАЦЬБЕ З КАРАНАВІРУСАМ

Рада БНР выказвае занепакоенасьць недастатковымі мерамі, якія прымаюць улады Беларусі ў сувязі з пандэміяй новага каранавіруса COVID-19.

Краіны Эўрапейскага Зьвязу, Паўночнай Амэрыкі, Азіі надзвычай сур’ёзна ўспрынялі цяперашнюю пагрозу. У многіх краінах уведзеныя строгія карантынныя меры.

Адначасова з гэтым Беларусь застаецца адзінай сярод краінаў Эўропы, чые ўлады ў цяперашняй сытуацыі дэманструюць лёгкадумнасьць, якая можа выліцца ў трагедыю для Беларусі.

Беларусь мае трагічны досьвед, калі недэмакратычная акупацыйная савецкая адміністрацыя ў часы Чарнобыльскай катастрофы праявіла злачынную халатнасьць і бязьдзеяньне, не прыняўшы неабходных мераў па абароне насельніцтва ад наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Бязьдзеяньне ўладаў БССР у 1986 годзе каштавала мільёнам беларусаў здароўя і гадоў жыцьця.

Недапушчальна, каб гэтая сытуацыя паўтарылася зноў.

Рада БНР заклікае беларускія ўлады да адкрытасьці і адказнасьці перад беларускім грамадзтвам, і патрабуе неадкладна прыняць усе неабходныя меры дзеля забесьпячэньня аховы здароўя людзей ва ўмовах пандэміі.

Categories: Падзеі