Archive

Archive for 2020/03/25

Дарагiя Суродзiчы Беларусы!

Ад iмя Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi вiншую кожнага з вас, у Беларусi й дзе бы вы не знаходзiлiся ў сьвеце, з нашым сьветлым нацыянальным сьвятам. Незалежнасьць абвесьцiлi продкi ўсiх нас, перад тым як акупанты пачалi дэнацыяналiзаваць наш народ.

У 2019 годзе мы ўсе перажылi вялiкае шчасьце, бачачы мора бел-чырвона-белых сьцягоў на вулiцах Вiльнi, падчас пахаваньня Кастуся Калiноўскага й ягоных паплечнiкаў-змагароў. Усiм вам, хто спрычынiўся да гэтага слаўнага дня, хочу сёньня яшчэ раз падзякаваць з глыбiнi душы. Ганарылася я вамi, як нiколi! Тады пераканалася, што мы пераможам!

Нажаль, пасьля радасьцi прыйшлося перажыць вялiкую трывогу, калi Пуцiн намагаўся захапiць наш край. Дай Божа, каб гэта ўсё толькi было страшным кашмарам, якi мы мусiлi перажыць, каб усьведамiць сабе вартасьць для кожнага з нас незалежнасьцi нашай дзяржавы.

Пакуль што бальшыня з нас супакоiлася. Усё ж цяжка верыць, што чалавек, якога народ называе сваiм прэзыдэнтам, зможа стацца ягоным найбольшым здраднiкам.

Хочацца думаць, што людзi нашыя, а менавiта нашая моладзь, адчула, што незалежнасьць вартая таго, каб мы яе баранiлi ўсе, кожны як можа, шчыльнымi радамi.

Памятайце, што вас будуць паважаць у сьвеце й з вамi лiчыцца, толькi калi нашая дзяржава зойме пачэснае месца ў сям’i вольных народаў сьвету.

Дык трымайцеся, мае дарагiя Суродзiчы!

Жыве Беларусь!
Iвонка Сурвiлла
Старшыня Рады Беларускае Народнае Рэспублiкi

Сакавік 2020 г.

Categories: Падзеі

Дарагія сябры!

Шаноўная грамада!

Галоўная Управа Згуртавання Беларусаў Канады шчыра віншуе вас з найвялікшым беларускім нацыянальным святам – 

Днем абвяшчэння дзяржаўнай незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гэты векапомны дзень, Дзень 25 Сакавіка, мы з гонарам завём Днём Волі.

“Цяпер мы, Рада БНР, скідаем з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнае залежнасьці, якая была накінута расейскім царызмам на наш вольны і назалежны край. Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай…”

Болей стагодздзя назад гэтымі словамі Трэцяй Устаўной Граматы Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абвесціла ўсяму свету аб нараджэнні вольнай і незалежнай Беларусі.  Ідэі 25 сакавіка сталі трывалым падмуркам беларускага нацыянальна-вызвольнага руху паўсюды, дзе б ні жылі беларусы. Дзяржаўніцкія ідэі БНР давалі жыцьцё і шырокі ўздым культуры і асветы і ў створанай бальшавікамі БССР, і ў Заходняй Беларусі, што да 1939 году знаходзілася пад Польшчай, дапамагалі змагацца і жыць падчас ваеннага ліхалецця, далі моц паваеннай беларускай эміграцыі па ўсім сьвеце. Сёння нельга сабе ўявіць ніводнай беларускай палітычнай арганізацыі ці партыі, ці ў Беларусі ці за яе межамі, ў аснову якіх не былі б паложаныя ідэі дзяржаўнай незалежнасці. Ідэі, каторыя сталі арганічнай часткай душы беларускага народу, яго натхненнем і сілай.   

Няхай жа святло Сакавіка падорыць вам надзею і сёння, ў гэты складаны для ўсіх нас час!

Няхай ідэалы незалежнай Бацькаўшчыны стануць вам ў гэты дзень зарукай моцнай веры ў будучыню! 

На вялікі жаль, ня можам вітаць ўсіх вас сёлета на нашых традыцыйных святкаваньнях і імпрэзах. Заклікаем аднак адзначыць гэты слаўны дзень там, дзе зможаце. З сям’ёй, блізкімі, роднымі. Уздыміце наш сьцяг, павіншуйце адзін аднаго, прачытайце верш, раскажыце дзецям пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны-  Беларусі! Помніце – гэта нашае Вялікае Свята!

Жыве Беларусь! 

Categories: Падзеі