Галоўная старонка > Літаратурная суполка, Навіны, Падзеі > Гармонія каляровай паэзіі Юрася Шамецькі

Гармонія каляровай паэзіі Юрася Шамецькі

23 чэрвеня ў культурным жыцці беларускамоўнай Атавы (Канада) адбылася значная падзея – імпрэза з нагоды выхаду ў свет новага зборніка вершаў Юрася Шамецькі «Непрадказальнае». На сустрэчу з паэтам да яго ў госці прыйшлі шматлікія аматары паэзіі і проста сябры. Аўтар з натхненнем пазнаёміў слухачоў са сваім новым зборнікам.

«Непрадказальнае» Юрася Шамецькі – гэта пошук гармоніі ў жыцці, спроба звязаць супярэчлівыя і, на першы погляд, несумяшчальныя рэчы і рэчаіснасці: любоў да роднай Беларусі і зноўку пабудаванае жыццё ў Канадзе, успаміны дзяцінства і пульс сучаснасці, адарванасць ад матулінага вогнішча і шчырае канадыйскае асяроддзе.

Калі слухаць вершы Юрася, паступова прыходзіць пачуцце гармоніі, а супярэчнасці зліваюцца ў адну лёгкую і прыемную мастацкую прастору.

Зборнік складаецца з 4 частак: Менск – Вандроўкі – Атава – Каханне. Гэты ланцужок адлюстроўвае розныя старонкі творчасці паэта. Аўтар прызнаецца, што менавіта тут, у Канадзе, ён з большай сілай адчуў шчырасць, дабрыню, пазітыўную энергію свету, якая ў свабоднай прасторы вылілася ў паэтычнае натхненне і патрэбу ў раскрыцці сваіх адчуванняў на роднай беларускай мове.

Юрась з радасцю падзяліўся са слухачамі сваім бачаннем паэзіі. Яна павінна быць каляровай! Разам з такімі крытэрамі, як шчырасць, рытміка, гучанне, паэзія павінна мець яшчэ адзін – прысутнасць колеру. У сваім вершы «Колеры» паэт піша, што «асфальтавая афарбоўка скал нагадвае аб радзіме…», а «…пунсовы лісцік шыфлеры… твае вусны». Такое бачанне згладжвае шмат супярэчнасцяў, бо ў кожным кутку свету магчыма знайсці кавалачак Радзімы.

Увесь час, калі гучалі вершы паэта, у яго голасе панавала адчуванне любові: да каханай жанчыны, да Радзімы, да розных мясцін, куды прыводзіў паэта лёс – і гэта кранала душу.

Музычнае суправаджэнне вечара гарманічна падкрэслівала мілагучную паэзію Юрася Шамецькі. Тонкі спеў скрыпак і гітары то мякка зліваўся з паэтыкай беларускай мовы, то дынамічна ўзрастаў, падтрымліваючы тэматыку і настрой вершаў. Прагучалі музычныя творы Дзмітрыя Камінскага, Карласа Гардэля, Астара П’яцолы, Антоніа Вівальдзі, Фелікса Мендэльсона і іншых кампазітараў у выкананні дуэта «Кантабіле» (Уладзя Шамецька і Міхась Рыкаў) і Галіны Рэзаіпур.

Шчырая ўвага слухачоў і шчодрыя апладысменты сталі паважнай адзнакай таго, што вершы і музыка краналі сэрцы і думкі слухачоў.

Час імпрэзы праляцеў хутка, а напрыканцы Юрась з задавальненнем падпісаў кнігі сваім прыхільнікам.

Старшыня Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Канадзе Пётра Мурзенак выступіў з удзячнай прамовай: «У мінулым на эміграцыі было шмат яркіх паэтаў, імёны якіх ўвайшлі ў беларускую літаратуру. Гэта Наталля Арсеннева, Рыгор Крушына, Алесь Салавей, Масей Сяднёў. На Радзіме, у беларускай грамадзе, і ў Канадзе, у розных суполках, Юрась Шамецька таксама папулярызуе беларускую культуру. Пакуль існуе беларуская паэзія, будзе жыць Беларусь ».

Міла Траяноўская выказала свае пачуцці так: «Радкі, якія я прыгадала, адыходзячы з вечарыны, былі з вершу «Чытаючы Хагакурэ», –

Паэзія – гэта інструмент

Разумення святла…

Я заўсёды так адчувала, але не магла выказаць гэтае пачуццё патрэбнымі словамі. Юрась зрабіў гэта так проста і так дакладна! Гэты верш мае яшчэ шмат цудоўных думак і яго можна лічыць «культавым». Юрась, як належыць сапраўднаму паэту, глыбока адчувае прыгажосць і высакародныя імкненні жыцця, аб якіх і складае свае вершы. Вельмі прыемна гучаць яго рамантычныя вершы, напоўненыя свежымі фарбамі юнацкіх і, у той жа час, сталых і пяшчотных пачуццяў да сваёй музы».

Прывяду яшчэ адзін са шматлікіх удзячных водгукаў слухачоў. Сваімі думкамі падзяліліся Вольга і Раман Бакушчыкі: «Паэт – як агонь. Яго полымя – гэта выбітныя ўражанні ад прыгажосці прыроды, цікавых вандровак, думак аб Радзіме; але жар гэтага полымя – унутраны, з сэрца, з душы. Вершы Юрася – часам тонкае павуцінне пяшчоты і гарачае каханне; часам філасофскія, яны адлюстроўваюць глыбокую ўнутраную энергію; часам працятыя гаркатой і боллю ад разлукі з Радзімай і матуляй. Кожная яго новая кніга – адкрыццё, асалода прыгожага слова! Мы – яго прыхільнікі назаўсёды. Чакаем новых твораў!»

Наталля Захарава, Атава, чэрвень 2019

Непрадказальнае

Сустракаючы непазбежнае,
я знаходжу сябе ў абставінах,
дзе жыццё маё — рэха вечнага,
лёгка шырыцца плынню памяці,
дзе на ростанях паралельнасці,
на вышынях нязвыкла белага
я шукаю жыцця ўзаемнасці,
не цураюся неба смелага….

А ад нас застанецца лепшае
на шляхах, заўжды супярэчлівых,
у абставінах супрацьлеглага
дабрынёй мы заўсёды вечныя…
Застаёмся святлом у раніцу,
непадробнымі, прывітальнымі,
дзе так любіцца, дзе так марыцца
на вышынях непрадказальнага.

***

Я дзякую Богу за міласць
вяртацца вясною дамоў,
адчуць прыцягальную сілу
з дзяцінства знаёмых двароў.

За вечнасць сталічнай шчадроты,
за бойкі, напружаны лёс,
за радасць на плошчы Свабоды
спазнаць суцяшальнасць нябёс…

Я дзякую Богу за міласць
пачуць мамін голас жывы,
за вуліц спагаду і шчырасць,
адсутнасць атрутнай тугі…

За шчасце ўсвядоміць палёгку
штораз міласэрдна і там,
дзе можна даверыцца зноўку
заўжды верна-чулым сябрам.

І дзякаваць Богу за міласць,
што нават з далёкіх краёў
ён даў мне жаданне і сілы
вяртацца вясною дамоў…

***

Мой горад, зноў цябе я бачу
ў высокім небе, светлай стоме,
на скрыжаваннях, на асфальце,
ў дварах, з дзяцінства мне знаёмых.

Цябе я чую ў ціхіх спевах,
што праслаўляюць радасць мая,
ў цяністых і глыбокіх скверах,
у рухах стомленых трамваяў.

Ты горды ў стыльных капітэлях
калон мастацкага музея,
ў сутоннях вуліц, доўгіх ценях,
намаляваных акварэллю.

Мой горад, падаруй свабоду
пераканацца ў адчуванні,
што я знайду яшчэ нагоду
для новага з табой спаткання.

Advertisements
  1. Яшчэ няма каментарыяў.
  1. No trackbacks yet.

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google photo

You are commenting using your Google account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: