Галоўная старонка > Падзеі > Дзень Волі ў Таронта

Дзень Волі ў Таронта

20160320_125946_шэсьце

МЫ ДАДАЛІ ВІДЭАЗАПІС ШЭСЬЦЯ І ВІНШАВАНЬНІ

У нядзелю 20 сакавіка Згуртаваньне Беларусаў Канады адзначыла 98-ую гадавіну абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі сьвяточным шэсьцем зь бель-чырвона-белымі сьцягамі па цэнтральнай вуліцы Таронта – найбуйнейшага гораду Канады.

Пасьля службы ў царкве сьв. Кірылы Тураўскага (БАПЦ) удзельнікі скіраваліся ў парк Крысьці дзе прайшоў кароткі мітынг. Было адзначана, што 20 сакавіка падвойная дата: акрамя гадавіны Дню Волі ў той жа дзень 10 гадоў таму на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкім пл.) ў Менску былі ўсталяваныя першыя намёты й пачалася варта, якую шмат хто кліча «Беларускім Майданам».

20160320_123905_пачатак_шэсьця

Шэсьце прайшло вуліцай Блюр (адна з двух цэнтральных вуліц Таронта) да Беларускага Цэнтру, што на скрыжаваньні з вуліцай Лэнсдаўн. Падчас шэсьця ўдзельнікі скандавалі «Freedom to Belarus!» («Свабоду Беларусі!»), «Жыве Беларусь!». Таксама было ўзгаданае імя украінскай змагаркі Надзеі Саўчанка, што знаходзіцца ў пуцінскіх засьценках: заклік «Freedom to Savchenko!» («Свабоду Саўчанка!») лунаў па-над вуліцамі Таронта. Улады гораду забясьпечылі суправаджэньне паліцэйскіх на роварах.

20160320_130914_шэсьце

Па сканчэньні шэсьця ў Беларускім Цэнтры адбылася ўрачыстая імпрэза. Са сьвяточным зваротам па тэлефоне з ЗША (дзе напярэдадні адбывалася паседжаньне Рады БНР) да ўдзельнікаў мерапрыемства зьвярнулася Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. Яна адзначыла, што Беларусь ёсьць незалежнай, але не свабоднай і яе мара – перадаць паўнамоцтвы Ўраду ў выгнаньні дэмакратычнаму ўраду новай вольнай Беларусі.

Сакратар Галоўнай Управы ЗБК Віталь Кошалеў падрабязьней распавёў аб падзеях у Менску ў 2006 годзе, удзельнікам якіх ён быў сам, жывучы тады на Беларусі. Таксама прагучаў заклік да Прэм’ер-міністра Канады далучыць свой голас у падтрымку Надзеі Саўчанка да галасоў Прэзыдэнтаў ЗША і краін Эўразьвязу.

20160320_144249_Віталь_Кошалеў

Сябра Рады БНР Алесь Кот распавёў пра гістарычную місію Рады, а таксама прадставіў калекцыю партрэтаў Прэзыдэнтаў БНР, што будзе дададзеная да галерэі ў Беларускім Цэнтры ў Таронта.

Паводле спадара Алеся, «Абвяшчэньне незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі было самай важнай падзеяй у гісторыі сучаснай Беларусі. Безь яго Масква не пагадзілася б стварыць у 1919 годзе савецкую Беларускую рэспубліку (ССРБ, потым – БССР). Калі б не было БССР, Беларусь ня стала бы зноў незалежнай у 1991 годзе. Такім чынам, дзякуючы БНР сёньня існуе незалежная Рэспубліка Беларусь, якой бы недасканалай яна ні была.

Сёньня Рада БНР дзейнічае, грунтуючыся на той ідэі, што яна – частка шляху Беларусі да дэмакратыі і да росквіту. Рада першаю, яшчэ з 20-х гадоў мінулага стагодзьдзя, выступала і выступае пасярэднікамі паміж Беларусьсю і вольным сьветам. Што яшчэ больш важна – яна застаецца захавальнікам традыцый беларускай дзяржаўнасьці і барацьбы беларусаў за тое, каб мець уласную свабодную і дэмакратычную дзяржаву нароўне зь іншымі народамі Эўропы. Усё гэта для таго, каб наблізіць для Беларусі перамены да лепшага.»

Напрыканцы афіцыйнае часткі слова ўзяў Барыс Кірка, бадай найстарэйшы сябра ЗБК. Ён заклікаў беларусаў да еднасьці, а таксама падтрымаў ідэю шырэйшага ахопу беларускай грамады Канады праз культурніцкія мерапрыемствы (як, прыкладам, сэрыя урокаў «Мова Нанова», што праходзіць сёлета ў Беларускім Цэнтры ў Таронта).

Сапраўды сьвяточны настрой стварыў выступ вядомай сьпявачкі Святланы Літвінавай, якая на працягу 15 гадоў была салісткай Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г. І. Цітовіча. Народныя песьні пра вясну, любоў да Бацькаўшчыны й жартаўлівыя прыпеўкі закранулі ўсіх слухачоў. Публіка прасіла прасьпяваць яшчэ болей улюблёных песьняў.

P1030702crop_Святлана_Літвінава

 

Часткай імпрэзы стаўся й сьвяточны стол з пачастункамі, сярод якіх былі пірагі з надпісамі «Воля», «За свабоду», а таксама цукеркі з гербам «Пагоня» часоў абвяшчэньня БНР, і ў сучасным варыянце.

Згуртаваньне Беларусаў Канады

 

This slideshow requires JavaScript.

Відэа з шэсьця:

 

Віншаваньні

 Зварот да Беларускага Народу                   

 Дарагія Суродзічы,

98 гадоў таму – ранічкай 25 сакавіка 1918-га – на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зьняможаны вайной беларускі народ заявіў, што “ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай”.

Сёньня Беларусь жыве!

Жыве, дзякуючы рашучасьці нашых продкаў у 1918 годзе, але таксама дзякуючы жыцьцяздольнасьці кожнага з нас!

Дваццатае стагодзьдзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзьве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу – высылкі, расстрэлы, дыктатуры, выгнаньне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуцьцё годнасьці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!

Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не зьнеахвоціліся.  Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што нам трэба іх перажыць.
Сёньня, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацьверджаньне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі – калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасьць, зьдзейсьніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя наш край незалежны – хаця ўсё яшчэ не свабодны.
Але прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, час калі наш край далучыцца да сям’і заможных і паважаных эўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.
Жадаю вам сёньня мужнасьці і вытрываласьці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.

 

Жыве Беларусь!               

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Сакавік 2016        

25 САКАВІК

Дарагія землякі, паважаныя беларусы, працаўнікі і адраджэнцы!

Віншую ўсіх зь вялікім нацыянальным сьвятам 25 Сакавіка – Днём Волі, Днём аб’яўленьня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі!

98 гадоў таму быў зроблены важны гістарычны крок нашага народа на шляху да стварэньня незалежнай Беларускай дзяржавы. Акт 25-га Сакавіка 1918 года вызначыў далейшы палітычны лёс і пэрспэктыву змаганьня беларускага народа. Яна завяршылася перамогай Беларускай Нацыянальнай ідэі 25 Жніўня 1991 года, калі была здабыта дзяржаўная незалежнасьць Рэспублікі Беларусь. Памятайма і шануйма гістарычныя даты і дні нашай Незалежнасьці!

Жыве Беларусь!

Слава Айчыне!

25 Сакавіка 2016 г.                                              Зянон Пазьняк

Advertisements
Categories: Падзеі
  1. Roman
    2016/03/28 у 12:44 PM

    Вітаємо білоруських браттів з Днем Волі, Жиє Беларусь!

  1. No trackbacks yet.

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out / Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out / Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out / Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out / Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: