Archive

Archive for Лістапад, 2013

Вользе Грыцук – 90 гадоў

29 кастрычніка 2013 г. споўнілася 90 гадоў Вользе Грыцук – адной з актыўных
дзяячак беларускага руху ў Канадзе. Муж спадарыні Вольгі, Аляксей Грыцук,
быў выбітнай асобай беларускай дыяспары: гісторыкам, літаратуразнаўцам,
настаўнікам, старшынём Згуртаваньня беларусаў Канады. Сама Вольга Грыцук
выступіла адной з заснавальніцаў Згуртаваньня беларускіх жанчын Канады, а
потым узначальвала гэтую арганізацыю на працягу 18 гадоў.

2 лістапада 2013 сябры Галоўнай управы ЗБК і Рады парафіі сьв. Кірылы
Тураўскага наведалі спадарыню Вольгу ў Кінгстане (правінцыя Антарыё), дзе
яна жыве зь сям’ёй дачкі Юльяны. Вольга Грыцук, якая сама родам зь Дзісны,
шмат і цікава распавядала пра гісторыю жыцьця яе сям’і на Радзіме і потым у
эміграцыі, пра знаёмства з будучым мужам у Аўстрыі, пра іх супольнае жыцьцё
ў Канадзе. Госьці цёпла павіншавалі спадарыню Вольгу з 90-годзьдзем,
пажадаўшы ёй здароўя і доўгіх год жыцьця. Паэтка Вольга Іпатава, якая цяпер таксама жыве ў Канадзе, прыслала юбілярцы свой верш:

Сяклі навальніцы, і град, і свінец
Шлях ейны, даўгі і няпросты…
Ды верыць чамусьці не хочацца мне,
Што Вользе Грыцук – дзевяноста.

Яе каралеўскай паставы струна,
Яе далікатнасці цнота –
Як непадступнага замка сцяна,
Як гімна заключная нота.

Ёй вершы паэты складалі, але
Другія паклікалі высі.
Ляжыць у зямлі канадыйскай Алесь –
А словы яго засталіся.

Усё, што было, не растала , як дым –
Каханне, радзіма святая…
…Канада, у яркім уборы тваім
Як стужка яна залатая.

IMG_5929_1

Тры пакаленьня жынчын з роду Дамброўскіх – Грыцукоў –
Сафія(на партрэце) , Юльяна і Вольга

IMG_5934_2

Валянціна Шаўчэнка, Віялета Кавалёва, Юльяна Грыцук,
Натальля Колас і Юрка Шаўчэнка. У цэнтры – Вольга Грыцук

Categories: Petitions

image003

 

Больш пра Вольгу Грыцук можна прачытаць у нарысе Сяргея Чыгрына:

http://novychas.info/asoba/jubiliejny_fest_voljhi_hrycuk/

Categories: Падзеі