Archive

Archive for Верасень, 2012

30-я сустрэча Беларусаў Паўночнай Амерыкі


1-3 верасьня 2012 г. у Таронта адбылася юбілейная 30-я Сустрэча беларусаў

Паўночнай Амэрыкі, арганізаваная Згуртаваньнем Беларусаў Канады (ЗБК) і
Беларуска-Амэрыканскім Задзіночаньнем (БАЗА).

Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амэрыкі праходзяць штодва гады, пачынаючы
ад 1952 году.

У беларускім грамадзка-рэлігійным цэнтры Таронта сабралося больш за 70
чалавек, якія рэпрэзэнтавалі шматлікія беларускія суполкі ЗША і Канады.

Пасля малітвы за беларускі народ Сустрэчу адкрыла старшыня Згуртаваньня
Беларусаў Канады спадарыня Валянціна Шаўчэнка. З прывітальнымі словамі да
ўдзельнікаў Сустрэчы выступілі: старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
спадарыня Івонка Сурвіла, старшыня Галоўнай Управы Беларуска-Амэрыканскага
Задзіночаньня спадарыня Ганна Сурмач, старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай
Партыі — БНФ спадар Зянон Пазьняк, лідэры рэгіянальных беларускіх суполак
ЗША і Канады.

Выступае старшыня ЗБК Валянціна Шаўчэнка

Выступае старшыня БАЗА Ганна Сурмач

Выступае старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла

Выступае старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ Зянон Пазняк

Пісьменніца Вольга Іпатава зачытвае прывітаньне ад Згуртаваньня беларусаў
сьвету «Бацькаўшчына»

Былі зачытаныя прывітальныя лісты ад прэм’ер-міністра правінцыі

Антарыё спадара Далтана МакГінты і старшыні Згуртаваньня беларусаў
сьвету «Бацькаўшчына» спадарыні Алены Макоўскай.

У першы дзень Сустрэчы, галоўная тэма якой была сфармуляваная як “Праблемы
сучаснай беларускай эміграцыі”, адбыліся круглыя сталы, дзе ўдзельнікі форуму
абмеркавалі наступныя пытаньні: ’’Рынак працы“, ’’Захаваньне і падтрымка
беларускай культуры на эміграцыі’’, ’’Сям’я і эміграцыя’’.

Падчас сустрэчы было вырашана зрабіць агульны здымак удзельнікаў і даслаць
яго са словамі падтрымкі да беларускіх палітвязьняў, каб выказаць сваю
салідарнасць з усімі, хто церпіць за дэмакратычную будучыню Беларусі.

Напрыканцы першага дня госьці Сустрэчы былі запрошаныя на канцэрт.
Ён распачаўся літаратурна-музычнай кампазыцыяй з удзелам атаўскага
дуэта «Кантабіле» (скрыпачка Ўлада Шамецька і гітарыст Міхась Рыкаў) і паэтаў
Юрася Шамецькі і Пятра Мурзёнка. У другім аддзеляньні канцэрту выступалі
Сьвятлана Літвінава зь беларускімі народнымі песьнямі і Валянціна Шаўчэнка, якая
выконвала беларускія рамансы.

Пётр Мурзёнак, Юрась Шамецька i Дуэт «Кантабіле» 

Сьвятлана Літвінава

Міхась Рыкаў і Валянціна Шаўчэнка

На другі дзень удзельнікі Сустрэчы ажыцьцявілі пілігрымку да Беларускага
памятнага крыжа у Мідландзе, дзе прайшла прэзэнтацыя кніг беларускіх аўтараў
на эміграцыі і была прынята канчатковая рэзалюцыя, у якой удзельнікі Сустрэчы
выказаліся за захаваньне адметнай беларускай прысутнасьці за межамі
Беларусі, за падтрымку беларускай мовы, культуры і традыцый сярод беларускай
супольнасці Злучаных Штатаў і Канады.

Пілігрымка да Беларускага памятнага крыжа

Сярод канкрэтных захадаў, якія маюць служыць гэтай агульнай мэце, удзельнікі

Сустрэчы вылучылі:

— інфармацыйную і фінансавую падтрымку беларускіх пэрыядычных выданьняў,
асабліва беларускага эміграцыйнага друку;
— падтрымку дзейнасьці Рады Беларускай Народнай Рэспублікі як асноўнага
палітычнага цэнтру на эміграцыі;

— інфармаваньне ўрадавых арганізацый ЗША і Канады аб сытуацыі з правамі
чалавека ў Беларусі;
— падтрымку дзейнасьці беларускіх цэркваў у замежжы як духоўных цэнтраў
і апірышча для эмігрантаў;
— падтрымку пастаянных кантактаў з Бацькаўшчынай ды сілаў, якія змагаюцца
супраць дыктатуры за незалежнасьць і дэмакратыю.

У асобнай рэзалюцыі ўдзельнікі Сустрэчы ў Таронта выказалі салідарнасьць
з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі, ды зьвярнуліся з патрабаваньнем
да беларускіх уладаў вызваліць усіх палітычных вязьняў ў Беларусі, спыніць
перасьлед апазыцыйных партый і грамадзкіх рухаў.

Увечары другога дня фальклёрны тэатар «Яваровы людзі” пад кіраўніцтвам
Віялеты Кавалёвай паказаў прэм’еру мюзікла “То-То-То!”. Пасля спэктаклю фольк-
гурт зладзіў для гледачоў вячоркі з танцамі ды сьпевамі.

Фальклёрны тэатар «Яваровы людзі”

Сцэна з Мюзікла “То-То-То!”

Здымак пасля спектакля

Наступная, 31-я Сустрэча беларусаў Паўночнай Амэрыкі адбудзецца ў 2014 г. у
Злучаных Штатах Амэрыкі.

Жыве Беларусь!

Categories: Падзеі

Рэзалюцыя No 1 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

Рэзалюцыя No 1

30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі

Таронта, 2 верасня 2012 года

Мы, удзельнікі 30-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі, абмеркавалі сучасную сітуацыю ў  беларускім замежжы – дасягненні,  праблемы, цяжкасці і перашкоды, якія маюць месца ў жыцці беларускай эміграцыі на паўночна-амерыканскім кантыненце. Цяпер у эміграцыйных асяродках наступіў час вялікіх пераменаў, старэйшае пакаленне эмігрантаў у большасці адышло, і на змену яму прыходзяць новыя маладыя сілы. Мы звяртаемся да ўсіх нашых суродзічаў з заклікам прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць у Паўночнай Амерыцы і свеце беларускую прысутнасць.

Мы канстатуем, што:

–  грамадскае жыццё беларускага замежжа будуецца на ідэалах 25-га Сакавіка, шанаванні і падтрымцы нацыянальнай культуры, спрыянні дэмакратычным зменам на Бацькаўшчыне;

–  даўняя гісторыя, традыцыі ды асягненні дыяспары і яе асобных асяродкаў у ЗША і Канадзе жывуць і сёння – у нацыянальных святкаваньнях, рэлігійным жыцці, перыядычных выданнях, фальклорных канцэртах, нядзельных школах.

Мы лічым , што паўсюднае яднанне ў свеце, на Радзіме, у далёкім і блізкім замежжы з’яўляецца адной з найважнейшых задач беларусаў на сучасным этапе. Дзеля дасягнення гэтай асноўнай мэты патрэбна:

1.         Захаваць і актывізаваць дзейнасць існых беларускіх цэнтраў у Канадзе і ЗША

2.         Беларускім грамадскім арганізацыям неабходна быць лідарамі беларускага руху ў замежжы, гуртуючы вакол сябе беларускую грамаду; грунтаваць сваю працу найперш на прынцыпах павагі да асобы і да разнастайных меркаванняў, не зважаючы на розніцу ў палітычных, моўных, рэлігійных поглядах.

3.         Падтрымліваць у беларускіх асяродках за мяжой культуру, гісторыю, мову і традыцыі – важны чыннік прысутнасці беларускай нацыі ў свеце, выкарыстоўваючы для гэтага ўсе магчымыя формы і сродкі, уключаючы Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

4.         Больш актыўна і настойліва далучаць новую эміграцыю да беларускай грамадскай працы, аказваць пасільную дапамагу новапрыбылым і іх сем’ям, скіроўваць беларускую моладзь на набыццё адукацыі.

5.         Інфармацыйна і фінансава падтрымліваць беларускія перыядычныя выданьні, асабліва беларускі эміграцыйны друк.

6.         Падтрымліваць дзейнасць Рады Беларускай Народнай Рэспублікі  як асноўнага палітычнага цэнтру на эміграцыі.

7.         Беларускім арганізацыям прыняць за абавязак інфармаваць урады і палітычныя колы ЗША і Канады аб мэтанакіраваным знішчэнні беларускай мовы і культуры антыдэмакратычным рэжымам, пануючым на Беларусі.

8.         Падтрымліваць дзейнасць беларускіх цэркваў у замежжы, як духоўных цэнтраў і апірышча для эмігрантаў.

9.         Трымаць пастаянныя кантакты з Бацькаўшчынай, аказваць падтрымку сілам, якія змагаюцца супраць дыктатуры за незалежнасць і дэмакратыю.

10.       Наша мэта – дабівацца ўмацавання суверэнітэту і незалежнасці беларускай дзяржавы, самаідэнтыфікацыі нацыі.

11.       Працягваць традыцыю правядзення Сустрэчаў беларусаў Паўночнай Амерыкі, наступную, 31-ю Сустрэчу правесці  ў Злучаных Штатах Амерыкі.

Categories: Падзеі

Рэзалюцыя No 2 30-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі

Рэзалюцыя No 2

30-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі

Таронта, 2 верасня 2012 года

Мы, удзельнікі 30-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі, што адбылася з 1-га па 3-га верасня у Таронта, Канада, выказваем сваю салідарнасць з палітзняволенымі ў Беларусі, якія пакутуюць за свае палітычныя погляды, за свабодную будучыню нашай Бацькаўшчыны, і

ПАТРАБУЕМ ад цяперашніх уладаў Беларусі:

1.         cпыніць рэпрэсіі і пераслед  у дачыненні да актывістаў і дзеячоў апазіцыйных партый і грамадскіх рухаў;

2.         неадкладна вызваліць усіх палітзняволеных з турмаў Беларусі.

Свае патрабаванні мы дасылаем да ведама ўрадаў Беларусі, ЗША, Канады і ў правабарончыя арганізацыі з мэтаю паспрыяць хутчэйшаму вызваленню ўсіх палітвязняў.

Categories: Падзеі