Шлях да вяртання

“Шлях да вяртання” — гэта назва зборніка вершаў Юрася Шамецькі. Зборнік выйшаў у гэтым годзе ў Мінску і 11 верасня адбылася яго прэзентацыя, якая праходзіла ў садзе, дзе жыве сям’я Шамецькаў, і на якую прыйшло звыш пяцідзесяці беларусаў, якія пражываюць у Аттаве. Юрась Шамецька пачаў пісаць вершы даўно, год двадцаць таму назад. Былі вымушаныя перапынкі, адзін з якіх быў звязаны з пераездам на жыццё ў новую краіну, Канаду. Са слоў паэта вершы больш актыўна пісаліся ў апошнія гады.

Пагода спрыяла паэтычнай вечарыне. Было цёпла, ласкава свяціла сонца. Гледачы ўладкаваліся ў зручных крэслах і прыгатаваліся да сустрэчы з паэзіяй. На пачатку Юрась Шамецька распавёў, калі ён пачаў пісаць вершы, што яго натхняла, і чаму зборнік мае такую назву. “Шлях да вяртання” – гэта назва, якая увасабляе жыццёвую пазіцыю паэта, гэта вяртанне да радзімы, да Бога, да сваіх беларускіх каранёў, вяртанне да мовы. У зборніку многа прыгожых, лірычных вершаў. Безумоўна, каб атрымаць поўнае уражанне ад вершаў іх трэба чытаць. Хачу прывесці толькі адзін верш, які Юрась прысвяціў роднаму Мінску.

* * *
Не шукаю я пары змагання,
не бывае тут пары дажджоў…
Ў Мeнск стары, як крылы для вяртання,
я білет шчаслівы не знайшоў.

Горад мой без золата і бронзы,
абмінуўшы славу і прэстыж,
ў скрыжаваннях вуліцаў бясконцых
знойдзе мне мой ратавальны крыж.

Я блукаю, каб знайсці адказы…
Ён, як храм стаіць паміж вятроў —
горад непакораны ў паразах,
не зламаны дзідамі вякоў.

Ён і сёння дорыць водар чысты,
ў акварэльных променях дажджу.
Дапаможа вызначыць празрыста
шлях адзіны, па якім пайду…

Трэба адзначыць, што было вельмі прыемна чуць вершы у выкананні аўтара, калі адчуваеш дэталі, эмацыянальную акраску, акцэнты, інтанацыі.  А рабіў гэта Юрась вельмі ўдала і артыстычна. Дэкламацыя вершаў ішла ў чарадзе з прамовамі аб гісторыі напісання апошніх вершаў, натхнёных паездкамі ў Парыж, Фларэнцыю і Рым, і вядома ж на Радзіму.

Несумненна, эмацыйны поспех вечарыны быў значна узмоцнены тым, што некаторыя вершы чыталіся ў музыкальным суправаджэнні дуэта “Кантабіле”, у складзе Ўладзі Шамецька (скрыпка) і Міхася Рыкава (гітара). Музыка, якая адпавядала тэматычнаму настрою вершаў, гучала таксама і ў паўзах. Вось гэтае спалучэнне беларускіх вершаў і музыкі думаецца кранула душы нават тых людзей, якія да гэтага вечара нейтральна адносіліся да жанру паэзіі. Вечарына доўжылася каля гадзіны, пасля якой людзі рабілі фотаздымкі, а аўтар падпісываў экзэмпляры сваёй кнігі. Вечарына скончылася доўгімі дыскусіямі і цёплым прыёмам.

Пётр П. Мурзёнак


Advertisements
  1. Яшчэ няма каментарыяў.
  1. No trackbacks yet.

Пакінуць адказ

Fill in your details below or click an icon to log in:

WordPress.com Logo

You are commenting using your WordPress.com account. Log Out /  Змяніць )

Google+ photo

You are commenting using your Google+ account. Log Out /  Змяніць )

Twitter picture

You are commenting using your Twitter account. Log Out /  Змяніць )

Facebook photo

You are commenting using your Facebook account. Log Out /  Змяніць )

Connecting to %s

%d bloggers like this: