Archive

Archive for 2011/03/25

Зварот Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілыз нагоды угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дарагія суродзічы!

Ад імя Рады Беларускай Народнай Рэспублікі вітаю вас з нашым слаўным Днём Волі – угодкамі абвяшчэньня незалежнасьці беларускай дзяржавы 25 сакавіка 1918 году!

Наш край аднавіў сваю Незалежнасьць у 1991 годзе, на мапе сьвету зьявілася Рэспубліка Беларусь. Аднак гэта сталася магчымым толькі таму, што нашыя продкі здолелі ў 1918 годзе гучна заявіць сьвету, што ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай і вольнай дзяржавай. Дзень 25 Сакавіка застанецца назаўсёды нашым найвялікшым дзяржаўным сьвятам, сьвятам нашай ідэнтычнасьці, нашай гістарычнай памяці, нашай дзяржаўнасьці.

Гэтымі днямі ўсе мы яшчэ перажываем падзеі, зьвязаныя з прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі. Фальшаваньне вынікаў галасаваньня, зьбіцьцё мірных дэманстрантаў, зьняволеньне соцень людзей, у тым ліку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта. Дык хачу прыгадаць вам словы вядомага беларускага сьвятара а.Аляксандра Надсана: “На долю беларусаў выпала шмат цяжкіх выпрабаваньняў. Колькі разоў, здавалася, яны стаялі на краі загубы. Тое, што, нягледзячы на ўсё, яны выжылі, сьведчыць аб вялікай духовай сіле нашага народу”.

Сёньня гэтая духовая сіла ўвасабляецца ў тых дзяўчатах і хлапцах, жанчынах і мужчынах, што дзесяткамі тысяч выйшлі на Плошчу 19-га сьнежня., і ў тых людзях, якія актыўна ўключыліся ў кампанію салідарнасьці зь вязьнямі рэжыму і якія выступаюць з патрабаваньнем новых сумленных выбараў. Яны не дазволяць, каб Беларусь,, незалежная беларуская дзяржава, згінула. Спробы дыктатара запалохаць людзей прымяненьнем супраць іх збройнай сілай скончацца ягонай паразай.

Краіна наша выстаіць і зойме сваё годнае месца між дзяржаваў сьвету. Я моцна ў гэта веру й заклікаю кожнага з вас далучыцца да тых новых сілаў у нашым народзе, якія супрацьстаяць варожым нам ідэалёгіям і мэнталітэту. Разам мы пераможам усе цяжкасьці на шляху да волі і дабрабыту.

Жыве Беларусь!

Categories: Petitions

ВІНШАВАНЬНЕ

Паважаныя спадарыні і спадары! Дарагія суайчыньнікі!

Віншую ўсіх зь вялікім нацыянальным сьвятам 25-м Сакавіка – 93-й гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі!
Гэта быў той неабходны крок без якога не было б сёньняшняй дзяржаўнасьці Беларусі. Адсюль пачынаецца ўвасабленьне Беларускай Нацыянальнай ідэі ў палітыцы і канкрэтнай справе. Гэтая дарога заняла 73 гады гістарычнага часу. Яна ўсланая ахвярамі і жыцьцямі цэлых пакаленьняў беларусаў і ўрэшце, у 1991 годзе, прывяла да мэты – да здабыцьця рэальнай дзяржаўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусі, якую ўсе мы цяпер мусім абараніць, змагаючыся за дэмакратыю і свабоду.

Мы жывем у 20-ы год незалежнасьці Рэспублікі Беларусі і сьвяткуем Дзень Волі — 25-ы Сакавіка 1918 года – дзень адкуль пачалася нашая незалежнасьць. Слава беларусам, якія змагаліся за яе і ахвяраваліся за яе волю і будучыню.

Зычу ўсім беларусам Канады радасна адсьвяткаваць гэтае сьвята і надалей рупіцца пра беларускую сьведамасьць і культуру на эміграцыі, набліжаючы час нашай волі.

Зянон Пазьняк
25 Сакавіка 2011 г.

Categories: Petitions

Святкаванне 25-га Сакавіка ў Атаве.

Беларусы Атавы правялі традыцыйную ўрачыстую вечарыну, прысвечаную 93-й гадавіне Абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі.

Вечарына распачалася з Малітвы за Беларусь і Беларускі Народ, якую прачытаў Метрапаліт Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы Ўладыка Святаслаў.

З прывітальным словам выступіла Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла, якая павіншавала ўсіх прысутных з вялікім нацыянальным святам. У сваім выступленні спадарыня Івонка Сурвіла зазначыла, што трэба засяроджваць увагу беларускай супольнасці на значэнні Свята 25-га сакавіка як пачатку адраджэння беларускай дзяржаўнасці. Бо, менавіта, сёняшняе існаванне краіны Беларусь з’яўляецца вынікам працы тысячы беларусаў, а БНР была тым першым крокам, з якога Беларусь пачала сваё адраджэнне.

Гісторык Наталля Гардзіенка, якая працуе гэтымі днямі ў Атаве над стварэннем кнігі Беларусы Канады, ў сваёй прамове расказала пра гісторыю і традыцыі святкавання 25-га Сакавіка, пачынаючы з дня стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пётр Мурзенак правеў беларускую дыктоўку. Беларуская дыктоўка ўжо стала традыцыйнай часткай сустрэч беларусаў Атавы. Перад пачаткам дыктоўкі Пётр падвеў вынікі папярэдняй, а потым зачытаў натхняючы тэкст з кнігі класіка беларускай літаратуры Ўладзіміра Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім.”

Напрыканцы імпрэзы адбыўся канцэрт, дзе выступілі госці з Таронта – фальклёрны гурт “Яваровы Людзі”, які ў гэтым годзе адзначае свой дзесяцігадовы юбілей. Таксама выступіў атаўскі струнны дуэт “Кантабіле”, праспявала кранаючыя беларускія рамансы Валянціна Шаўчэнка, парадавалі гледачоў некалькімі сучаснымі танцамі дуэты Ўладзіміра і Ірэны Клімковічаў і маладзейшых Аляксея Ціпенка і Агаты Логвінай.
Вечарына прайшла ў добрым святочным настроі.

Categories: Падзеі